07.04.2016 Олимпиада по ПДД
ВЫЗНАЧАНЫ ЛЕПШЫЯ
Раённая алімпіяда па веданню Правіл дарожнага руху сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада і раёна адбылася на мінулым тыдні ў аддзеле дзяржаўтаінспекцыі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, аддзел ДАІ, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Алімпіяда праводзілася ў адзін этап – удзельнікам неабходна было адказаць на 10 пытанняў экзаменацыйнага білету па Правілах дарожнага руху. Максімальны час на вынанне задання – 10 хвілін.
Сёлета ўдзел у алімпіядзе прынялі 24 падлеткі. Пераможцай стаў вучань Нягневіцкай СШ Валерый Капацэвіч. Ён адказаў на ўсе пытанні правільна і хутчэй за астатніх. ІІ месца заняў Вадзім Шараў (СШ №5). ІІІ месца ў Івана Ходара (СШ №4). Да слова, абодва юнакі далі правільныя адказы на аднолькавую колькасць пытанняў, аднак Вадзім выканаў заданне хутчэй за Івана.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі ад арганізатараў алімпіяды. Акрамя таго, юнакі атрымалі падарункі ад індывідуальнага прадпрымальніка В.В. Каравай. Набор святлоадбівальнікаў, веласіпедны святлодыёдны ліхтар і набор ліхтарыкаў на ніпель веласіпеда – дадатковыя сродкі для забяспячэння бяспекі дзяцей на дарогах.
– З кожным годам узровень ведаў удзельнікаў алімпіяды расце, а час, за які выконваюцца заданні, скарачаецца. Зменшылася і колькасць памылак. Гэта гаворыць аб тым, што школьнікі становяцца больш граматнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, – адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ РАУС А.К. Каратай.
Штогод алімпіяда праводзіцца з мэтай далучэння вучняў да вывучэння Правіл дарожнага руху, фарміравання ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін на дарогах, у транспарце, а таксама для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, выяўлення і падтрымкі таленавітых вучняў.